ГА́ЗАВЫ КАНДЭНСА́Т,

прыродная сумесь узаемараствораных газападобных і лёгкакіпячых вадкіх вуглевадародаў (C5H12 + вышэйшыя), якія знаходзяцца ў зямных нетрах у газа- або парападобным стане. Ахалоджванне і зніжэнне ціску да атмасфернага пры эксплуатацыі газакандэнсатных пакладаў вядзе да выпадзення з сумесі вадкай фазы — кандэнсату. Газавая частка газавага кандэнсату належыць да катэгорыі тлустых газаў. Утрыманне вадкіх вуглевадародаў (кандэнсату) залежыць ад саставу газу, пластавых тэрмабарычных умоў, асаблівасцей міграцыі газавага кандэнсату і вагаецца ад 5—10 да 500—1000 г/м³. Генетычна газавы кандэнсат неаднародны. Фракцыйны і вуглевадародны састаў разнастайны (бензінавыя, газныя, метанавыя і інш. кампаненты). Газавы кандэнсат і яго састаўныя часткі выкарыстоўваюць як паліва для рухавікоў і як сыравіну для хім. прам-сці.

У.Я.Бардон.

т. 4, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)